Шпаргалка по "Истории Белорусии"

Автор: Пользователь скрыл имя, 16 Января 2013 в 13:04, шпаргалка

Описание работы

1. Якія старажытныя плямёны былі нашымі продкамі?
Ужо з глыбокай старажытнасці на беларускай зямлі жылі розныя, пераважна індаэўрапейскія, плямёны. У другой палове 1-га тысячагоддзя па Нараджэнні Хрыстовым наш край пачалі засяляць славянскія плямёны, што спрычынілася да славянізацыі мясцовых балтаў. Славяна-балцкі сінтэз вёў да фармавання старабеларускага этнасу.

Работа содержит 1 файл

150 пытанняў і адказаў з гірсторыі Беларусі.doc

— 941.50 Кб (Скачать)

Загінуў Гедзімін пад час штурму нямецкага замка  Баербург у 1341 годзе.

 

 

21. Калі распачалося суперніцтва  паміж Вільняй і Масквою?

 

Геапалітычнае становішча Вялікага Княства Літоўскага і Маскоўскай дзяржавы вызначыла  характар іх узаемадачыненняў. Да першых канфліктаў паміж Вільняй і Масквою дайшло ў гады княжання Гедзіміна. Вялікае Княства прэтэндавала на лідэрства ва Ўсходняй Эўропе, на ролю збіральніка ўсходнеславянскіх земляў: Альгерд, падтрымліваючы Цвер, ажыццявіў тры паходы на Маскоўшчыну, даходзіў да самай Масквы; пад пратэктаратам Вітаўта знаходзіліся Ноўгарад Вялікі, Пскоў і Разань.

Ужо пасля  таго як усе беларускія землі аб'ядналіся ў Вялікім Княстве Літоўскім, Маскоўская дзяржава, выбіўшыся пры  падтрымцы залатаардынскіх ханаў у лік першых сярод княстваў Уладзіміра-Суздальскай Русі, пачала актыўна павялічваць свае землі за кошт іншых. Падбіваючы суседнія княствы, пад канец ХV стагоддзя яна ўсутыч падышла да ўсходніх межаў Вялікага Княства. І калі маскоўскі князь Іван ІІІ (1462-1505) назваўся «государем всея Руси», ён адкрыта выступіў з тэрытарыяльнымі дамаганнямі да Вільні: абвясціў сваёй вотчынай Полацак, Віцебск, Смаленск ды іншыя беларускія гарады. У 1492 годзе Маскоўская дзяржава парушыла «вечны мір» з Вялікім Княствам і развязала супраць яго вайну. Палітычная праграма так званага «ўз'яднання» спатрэбілася Маскве для апраўдання анексіі беларускіх і ўкраінскіх земляў.

З гэтага часу вызначальным фактарам гістарычных  падзей ва Ўсходняй Эўропе было смяротнае  супрацьборства Масквы і Вільні. Захопніцкія войны маскоўскіх уладароў сталі амаль бесперапыннымі: яны вяліся ў 1492-1494, 1500-1503, 1507-1508, 1512-1522 гадах і г.д. Вільня мусіла тады ўсе намаганні скіроўваць на абарону сваіх межаў. Лінія супрацьборства паміж Масквой і Вільняй з'яўлялася фактычна лініяй супрацьстаяння розных палітычных сістэм, розных культурных цывілізацый, розных светаў - дэмакратычнага эўрапейскага і дэспатычнага ўсходняга.

 

22. Якая мова была дзяржаўнай  у Вялікім Княстве Літоўскім?

 

Дзяржаўнай у Вялікім Княстве Літоўскім была беларуская мова, бо беларускі этнічны элемент панаваў у палітычным, эканамічным і культурным жыцці Княства, а нашыя землі складалі аснову яго магутнасці.

Галоўнае сведчанне  дзяржаўнасці беларускае мовы - абслугоўванне  ёю патрэбаў дзяржаўнага кіравання. Наша мова мела для гэтага ўсе неабходныя якасці, найперш пісьмова-літаратурную форму, досыць апрацаваную. Найбольшай дасканаласці яна дасягнула перадусім у сферы справавой пісьменнасці, сама пашыранай, якая якраз і ўжывалася ў дзяржаўным жыцці. На беларускай мове ўбачылі свет усе зборы законаў нашай старажытнай дзяржавы: Вісліцкі статут 1423-1438 гадоў, Судзебнік Казіміра Ягайлавіча 1468 года, Статуты 1529, 1566 і 1588 гадоў, Трыбунал 1586 года, а таксама вялікая колькасць дакументаў Метрыкі Вялікага Княства - архіва, які налічвае не адну сотню тамоў.

Пра значэнне нашае мовы (яе тады называлі «рускаю») ў жыцці тагачаснага грамадства яскрава сведчаць радкі верша  Яна Казіміра Пашкевіча, напісаныя  ў 1621 годзе:

Польска квітне лацінаю,  
Літва квітне рушчызнаю.  
Без той у Польсцэ не прабудзеш,  
Без сей у Літве блазнам будзеш.

Мова нашых  продкаў выконвала дзяржаўную функцыю  на ўсёй тэрыторыі гаспадарства, была сродкам зносін паміж людзьмі  розных нацыянальнасцяў, што жылі тут. Ужыванне беларускай мовы ў сферы афіцыйнага справаводства было замацаванае заканадаўча: у Статуце Вялікага Княства пра гэта быў спецыяльны артыкул (раздзел 4, артыкул 1).

Праўда, пачынаючы  з ХVІІ стагоддзя (з прычыны ўзмацнення польскай экспансіі і пераймання чужой мовы шляхтай у сітуацыі двухмоўя) наша мова пакрысе пачала выцясняцца з афіцыйнага ўжытку. Урэшце пастановай Сойму 1696 года статус дзяржаўнай мовы на тэрыторыі Княства быў замацаваны за польскай мовай.

 

23. Хто такі Альгерд?

 

Альгерд, сын  Гедзіміна, у юнацтве ажаніўся з дачкою віцебскага князя Марыяй Яраслаўнай і два гады пражыў у горадзе Ўсвяты, а пасля, да 1345 года, у Віцебску. З дапамогаю брата Кейстута, троцкага князя, Альгерд скінуў з вялікакняскага пасада Яўнута і сам стаў вялікім князем.

У часе ягонага  валадарання да Вялікага Княства  Літоўскага былі далучаныя Амсціслаўская, Чарнігаўская, Кіеўская, Падольская, Ноўгарад-Северская, Бранская землі. На гэтыя часы прыпадае і пік крыжацкіх паходаў на Беларускую дзяржаву. З дапамогай  Альгерда ў 1342 годзе Пскоў адбіў крыжацкі набег. Акрамя таго, яшчэ двойчы, у 1348 і 1370 гадах, Альгерд разбіваў крыжакоў на рэках Стрэве і Рудаве. Адначасова ён паспяхова змагаецца з Польшчай і Ўладзімірскім княствам. Беларускія воі пад Альгердавым кіраўніцтвам даходзілі да Масквы. Яны тройчы разбівалі маскоўскае войска - у 1368, 1370 і 1372 гадах.

Пад час аднаго з паходаў, узяўшы з маскоўскага  князя Дзмітрыя Іванавіча (пазней названага  Данскім) вялікі выкуп - як сведчыць летапіс, «дары многія, незлічона золата, серабра, жэмчугу, сабалёў», сказаў векапомныя словы: «Хоць я з табой і памірыўся, але хачу яшчэ тую славу сабе ўчыніць, што вялікі князь Альгерд дзіду сваю пад Масквою прыкланіў». І сеўшы на каня, пад'ехаў да гарадской сцяны і прыставіў да яе дзіду, сімвалізуючы тым поўную перамогу.

Але найбольшага  поспеху Альгерд дамогся ў  вайне з татарамі. У бітве каля ракі Сінія Воды ў 1362 годзе беларускае войска разбіла орды падольскіх, крымскіх і дунайскіх татараў і вызваліла  з-пад іх улады ўкраінскія землі.

Летапісы адзначалі, што гэты князь «не так сілаю, як розумам ваяваў». Вайсковыя і палітычныя заслугі Альгерда прызнавалі і крыжакі, і маскоўцы, і палякі, і татары. Жыццёвы шлях яго скончыўся ў 1377 годзе.

 

24. Хто такія тры віленскія  пакутнікі?

 

У Вільні сярод  Базылянскіх муроў стаіць славутая Святатраецкая царква. Яна пабудаваная на тым месцы, дзе калісьці ў старажытнасці была дуброва і дзе ў сярэдзіне ХІV стагоддзя (у 1347 годзе) загінулі пакутніцкай смерцю за веру Хрыстову беларусы з дворскай дружыны князя Альгерда, легендарныя святыя Антон, Іван, Яўстах (паганскія імёны, якія яны мелі да хрышчэння, - Круглец, Няжыла і Кумец). У нішах франтону царквы - іх фрэскі-партрэты з выразам высокай духовай вартасці гэтых самаахвярных людзей.

У 1374 годзе  часткі мошчаў віленскіх пакутнікаў былі перанесеныя ў вялікі кафедральны сабор Святой Сафіі ў Канстанцінопалі, дзе яны вельмі высока шанаваліся. Пазней пільнай увагай да віленскіх пакутнікаў Канстанцінопаль падкрэсліваў незалежнасць нашага праваслаўя ад маскоўскага. Насуперак намаганням дзяржаўна-царкоўных уладаў Маскоўшчыны Візантыя тым сама давала зразумець, што самое паняцце Праваслаўнае веры значна шырэйшае і больш універсальнае, чым інтарэсы Царквы маскоўскай.

Шанаванне памяці трох віленскіх пакутнікаў дазваляе сённяшнім беларусам не забываць пра час і месца росквіту нашай дзяржаўнасці - старажытную Вільню, дзе дагэтуль у скляпеннях Свята-Духава манастыра захоўваюцца мошчы святых.

 

25. Хто такі Ягайла?

 

Ягайла (у праваслаўі Якаў, у каталіцтве Ўладзіслаў) - сын  вялікага князя Альгерда і дачкі цвярскога князя Ўлляны. Стаўшы ў 1377 годзе вялікім князем літоўскім, ажыццяўляў палітыку ўмацавання дзяржавы, падтрымліваў хана Залатой Арды Мамая супраць Уладзімірскага княства, учыніў альянс з Тэўтонскім Ордэнам.

Ягайла імкнуўся далучыць да Вялікага Княства Трокі, дзе княжыў «воляю сваёй» ягоны дзядзька Кейстут Гедзімінавіч. Але ў выніку дзяржаўнага перавароту Кейстут у 1381 годзе адхіліў Ягайлу ад вялікакняскай улады і сам заняў пасад у Вільні. Ягайла, абапіраючыся на свае вотчынныя княствы - Крэўскае і Віцебскае, а таксама з дапамогай крыжакоў перамог у 1382 годзе Кейстута і забіў яго.

Аднак гэтая  перамога не прынесла яму жаданага выніку. Гарадзенскі князь Вітаўт Кейстутавіч, перадаўшы Ордэну Жамойць, заручыўся падтрымкаю крыжакоў ды пачаў вайну супраць Ягайлы. У гэтых неспрыяльных для сябе ўмовах Ягайла прыняў прапанову стаць каралём Польшчы. 4 сакавіка 1386 года ён каранаваўся на Польскае Каралеўства пад імем Уладзіслава. Пазней, калі Ягайла адчуў цяжар польскай кароны, калі яго пачалі «навучаць» то паны, то святарства, то шляхта, ён гнеўна заявіў ім: «Я ўжо прасіў вас, каб вы забралі сабе сваю карону і далі мне вярнуцца ў маю родную Літву».

На польскім пасадзе Ягайла асабліва нічым не праявіў сябе. Вяршыняй ягонай дзейнасці можна назваць удзел у пераможнай Грунвальдскай бітве. У дачыненні да Вялікага Княства Літоўскага ён не столькі выконваў польскую палітыку, як клапаціўся пра тое, каб не страціць сваіх дынастычных правоў на вялікакняскі пасад, што, відаць, і абумовіла ягоны супраціў спробам Вітаўта стаць каралём.

Часта інтарэсы Польскага Каралеўства і любоў  да Бацькаўшчыны прыходзілі ў супярэчнасць. Горшаю за смерць была для Ягайлы вайна  ў 1431 годзе паміж Польшчаю і Вялікім  Княствам за Падолле. Польскія саноўнікі  вымусілі караля ўзначаліць паход. Ягайла таемна папярэджваў сваіх суайчыннікаў аб руху і планах польскага войска, наўмысна дзейнічаў нерашуча і ўсяляк намагаўся сарваць паход.

Нягледзячы  на доўгае жыццё ў Польшчы, Ягайла заставаўся ліцьвіном-беларусам - размаўляў па-нашаму, трымаўся беларускіх звычаяў, быў просты ў побыце. Разам з ім у Польшчу прыехалі і беларускія мастакі, музыкі, пісцы, якія абслугоўвалі культурныя патрэбы гаспадара.

Чацвертай жонкай Ягайлы была беларуская княгіня Соф'я  Гальшанская, з якой ён павянчаўся ў Новагародку 24 сакавіка 1422 года. Ад гэтага шлюбу ён меў двух сыноў - Уладзіслава і Казіміра. Тым сама быў пакладзены пачатак эўрапейскай манархічнай дынастыі Ягайлавічаў (якую ў нас часта на польскі манер называюць Ягелонамі). Прадстаўнікі гэтай дынастыі былі вялікімі князямі літоўскімі, каралямі польскімі, чэшскімі, вугорскімі.

Спрэчку пра  этнічную прыналежнасць Ягайлы развязвае  ягоная грамата 1387 года, дзе ён адзначаў, што традыцыя абароны «нашай літоўскай  зямлі па-народнаму называецца пагоняй», г.зн. далучаў сябе да сярэднявечнага беларускага этнасу - ліцьвіноў.

 

26. Што такое Крэўская вунія?

 

Крэўская вунія (ад лацінскага unio - задзіночанне, аб'яднанне) - гэта пагадненне паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Польскім Каралеўствам, ажыццёўленае ў 1385 годзе. Паводле ўмоваў Крэўскай вуніі, выгадных і для Беларускага гаспадарства, Польшча ўступала з ім у хаўрус, а яе гаспадаром абвяшчаўся наш вялікі князь.

Пайсці на гэта палякаў прымусілі цяжкія абставіны. Найперш - экспансія з боку немцаў, якія няспынна каланізавалі польскія тэрыторыі. Да сярэдзіны ХІV стагоддзя Польшча не толькі страціла Сілезію, Памор'е ды іншыя землі, была адрэзаная ад мора, але і стаяла перад небяспекай поўнага анямечання. Дый з боку моцнага Беларускага гаспадарства над Польшчай заўсёды вісела пагроза, пацверджанне чаго - пераможныя ваенныя паходы Альгерда ў 1376 годзе і Ягайлы ў 1383-1384 гадах.

Каб не страціць сваёй дзяржаўнасці і не загінуць цалкам, палякі і вымушаны былі пайсці на хаўрус з Вялікім Княствам. 14 жніўня 1385 года паслы з Польшчы прыехалі ў Крэва (цяпер мястэчка ў Смаргонскім раёне) - рэзідэнцыю нашага вялікага князя і папрасілі яго стаць іхным гаспадаром. Ягайла пагадзіўся. Ён ажаніўся з Ядзьвігай і пераехаў у Польшчу, прызначыўшы сваім намеснікам у Вялікім Княстве Скіргайлу (Івана).

Варта зазначыць, што пазней, у ХV-ХVІІ стагоддзях на падставе сфабрыкаванага палякамі дакумента, што выстаўляўся імі як арыгінал Крэўскага пагаднення, у гістарычнай  літаратуры (напачатку, вядома, польскай) запанавала процілеглая думка - пра нібыта ўваходжанне Вялікага Княства ў склад Польшчы.

Сфальсіфікаваны тэкст абавязацельства Ягайлы нагадвае акт безагаворачнай капітуляцыі. Недарэчнасць яго відавочная: за гонар ажаніцца з Ядзьвігай і насіць тытул  караля Польшчы Ягайла нібыта абяцаў аддаць на патрэбы палякаў дзяржаўны скарб Вялікага Княства, заплаціць 200 тысяч фларынаў Вільгельму Аўстрыйскаму за адмову ад шлюбу з Ядзьвігай (гэта сума, за якую тады можна было купіць цэлую дзяржаву!) і ўвогуле ліквідаваць Вялікае Княства, далучыўшы яго да Польшчы і г.д.

Меркаванне  пра тое, што вядомы акт Крэўскага  пагаднення сфальсіфікаваны, пацвярджаецца  далейшым ходам гісторыі. Так, у прывілеі Ягайлы, выдадзеным у 1387 годзе, гаворыцца  пра поўную дзяржаўна-палітычную незалежнасць Беларускага гаспадарства. Дый у Востраўскім пагадненні 1392 года і Віленска-Радамскім акце 1401 года, падпісаных неўзабаве пасля Крэўскай вуніі, нічога не сказана пра інкарпарацыю Княства ў склад Польшчы.

Пазней, пад  час Люблінскага Сойму 1569 года, нашы паслы шматкроць указвалі на падробленасць вядомага акта Крэўскага пагаднення, які палякі скарыстоўвалі ў якасці «гістарычнага дакументу» для абгрунтавання сваіх захопніцкіх дамаганняў у пазнейшыя часы.

27. Чаму Вітаўта называюць вялікім?

 

Пры вялікім  князі Вітаўце (1350-1430) Беларускае гаспадарства стала найбуйнейшай эўрапейскай дзяржавай. Але цяжкі і напружаны быў шлях гарадзенскага князя да вялікага пасаду, славы і велічы. Доўгі час змагаўся ён са сваім стрыечным братам Ягайлам, Альгердавым сынам, які ў 1382 годзе забіў ягонага бацьку Кейстута. Трапіўшы да Ягайлы ў палон, Вітаўт здолеў уцячы з Крэўскага замка. Хаўруснікам у барацьбе з Ягайлам, які ў 1386 годзе быў абраны польскім каралём, Вітаўт выбраў Ордэн крыжакоў. Урэшце пасля шэрагу палітычных манеўраў ён дамогся свайго і Ягайла мусіў саступіць Вітаўту вялікі пасад з умовай васалітэту.

Як вялікі князь Вітаўт праводзіў самастойную  палітыку і выношваў задуму стаць  каралём. Трагічная параза ад татараў  на Ворскле ў 1399 годзе вымусіла яго, аднак, падпісаць Віленска-Радамскую вунію з Польшчай. Праўда, дзякуючы гэтаму хаўрусу аб'яднаныя войскі Беларусі і Польшчы пазней, у 1410 годзе, у славутай Грунвальдскай бітве выйгралі вайну з крыжакамі. Пасля гэтай перамогі да Вялікага Княства адышла Жамойць. Найважнейшае значэнне для кансалідацыі беларусаў мела і канчатковае далучэнне ў 1405 годзе Смаленскага княства, ажыццёўленае якраз Вітаўтам.

Паспяховымі сталіся намаганні Вітаўта ўнезалежніць беларускую праваслаўную царкву ад маскоўскага  мітрапаліта. Гэта адбылося ў 1415 годзе на саборы беларускіх епіскапаў, дзе першым мітрапалітам Вялікага Княства быў зацверджаны вядомы вялікай вучонасцю Рыгор Цамблак. Сваёй рэзідэнцыяй ён зрабіў першую сталіцу дзяржавы - старажытны Новагародак.

Информация о работе Шпаргалка по "Истории Белорусии"