Янка Сіпакоў

Автор: Пользователь скрыл имя, 05 Апреля 2012 в 22:36, биография

Описание работы

Пісьменнік шчодрага і шматграннага таленту, разнастайных творчых магчымасцей, Янка Сіпакоў вядомы ў беларускай літаратуры як паэт і празаік, перакладчык і нарысіст. Нарадзіўся ён на Аршаншчыне, у вёсцы Зубрэвічы. У час Вялікай Айчыннай вайны страціў бацькоў і рана далучыўся да працы. Працаваў паштальёнам, літсупрацоўнікам шклоўскай раённай газеты. Пасля вучобы ў БДУ ў 1960-1973 гг. працаваў у "Вожыку", амаль дваццаць год - у часопісе "Маладосць". З 1993 г. загадваў рэдакцыяй літаратуры, мовы, фальклору і этнаграфіі выдавецтва "Беларуская Энцыклапедыя". З 1997 г. працаваў у часопісе "Беларусь".

Работа содержит 1 файл

Referat.docx

— 27.26 Кб (Скачать)

Біяграфія

(15 студзеня 1936, в. Зубрэвічы Аршанскага раёна Віцебскай вобл. — 10 сакавіка 2011, Мінск)

Пісьменнік шчодрага і шматграннага таленту, разнастайных творчых магчымасцей, Янка Сіпакоў вядомы ў беларускай літаратуры як паэт і празаік, перакладчык і нарысіст. Нарадзіўся ён на Аршаншчыне, у вёсцы Зубрэвічы. У час Вялікай Айчыннай вайны страціў бацькоў і рана далучыўся да працы. Працаваў паштальёнам, літсупрацоўнікам шклоўскай раённай газеты. Пасля вучобы ў БДУ ў 1960-1973 гг. працаваў у "Вожыку", амаль дваццаць год - у часопісе "Маладосць". З 1993 г. загадваў рэдакцыяй літаратуры, мовы, фальклору і этнаграфіі выдавецтва "Беларуская Энцыклапедыя". З 1997 г. працаваў у часопісе "Беларусь".

    Творчую дзейнасць Я. Сіпакоў пачаў як паэт. Свой першы верш надрукаваў у 1953 г. у аршанскай раённай газеце, а ў 1960 г. выйшаў яго першы паэтычны зборнік "Сонечны дождж". У ім шмат святла і сонца, шчырасці і дабрыні, юнацкай усхваляванасці і болю аб незабыўным, перажытым. Потым былі іншыя зборнікі: "Лірычны вырай" (1965), "Дзень" (1968), "З вясны ў лета" (1972). Лепшае з іх склала кнігу выбранай паэзіі "Вочы ў вочы" (1978), у якой паэт "вочы ў вочы" гаворыць з Радзімай і часам, з мінулым і сённяшнім днём, з роднай зямлёй і прыродай, з каханай і сябрамі. Лірыка Я. Сіпакова вызначаецца незвычайнай душэўнасцю, яна глыбока засяроджана на ўнутраным духоўным свеце чалавека. Адну з самых лірычных форм паэзіі - санет - паэт выкарыстаў для стварэння цыкла "Жанчына". Тэмы адказнасці чалавека за будучае планеты, чысціні і прыгажосці чалавечых узаемаадносін знайшлі адлюстраванне ў гэтым вянку санетаў.

    Разам з тым чыста лірычных вершаў у Я. Сіпакова мала. Ужо ў першых паэтычных зборніках у яго творчасці ўзнікае эпічная тэндэнцыя, якая неад'емна існуе побач з яго лірычнай стыхіяй. Вельмі многія вершы Сіпакова сюжэтна-падзейныя. Паэт надзвычай часта звяртаецца да гістарычнага мінулага, гістарычных асоб і калізій. З'явай у беларускай паэзіі стала кніга Я. Сіпакова "Веча славянскіх балад" (1973), адзначаная ў 1976 г. Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя Я. Купалы. Яе складаюць больш за пяцьдзесят балад, у якіх на гістарычных фактах і фальклорных крыніцах паэт узнаўляе радасныя і трагічныя моманты з гісторыі славянскіх народаў.

    Эпічны свет, які магутна і шматгалоса ўварваўся ў лірыку паэта, прывёў яго да прозы, прычым прозы таксама лірычнай. Як празаік Я. Сіпакоў пачаў з нарысаў "Акно, расчыненае ў зіму", "Па зялёную маланку", "Там, дзе Сібір", "Даверлівая зямля". У 1971 г. яны склалі асобную кнігу "Па зялёную маланку". Пасля былі кнігі прозы "Крыло цішыні", якая мела падзагаловак "Кніга вёскі" (1976), "Жанчына сярод мужчын" (1980), "Спадзяванне на радасць" (1983), "Журба ў стылі рэтра" (1990) і інш. Ад вясковай прозы, прасякнутай памяццю ваеннага і пасляваеннага часу (аповесці "Крыло цішыні" і "Усе мы з хат"), пісьменнік ідзе да важных праблем этычнага характару (аповесць "Жыві як хочацца"), праблем духоўнага жыцця як на вайне, так і ў мірны час (цыкл апавяданняў "Жанчына сярод мужчын"), набалелых пытанняў беларускага нацыянальнага быцця, Чарнобыля, лёса беларускай мовы ("Журба ў стылі рэтра"). Скіраванасцю да жахлівых трагедый века - землятрусу ў Арменіі і чарнобыльскай катастрофы - вызначаецца кніга паэм у прозе "Ахвярны двор" (1991).

    Цікавай падзеяй у літаратурным жыцці ХХ ст. стала кніга прытчаў Я. Сіпакова "Тыя, што ідуць" (1993), першая такога плана ў нашай літаратуры. Тры дзесяткі прытчаў, аб'яднаныя ў ёй, - творы неабмежаваныя ў прасторы і часе. У іх ужываюцца, пераплятаюцца і ўзаемадзейнічаюць рэальнае і нерэальнае, жыццёвае і прывіднае. Аўтар разважае аб жыцці і смерці, аб тым, што гора і радасць заўсёды побач, што там, дзе плачуць, там, зразумела, не смяюцца, а дзе смяюцца, там можна часам і паплакаць. Праз новыя арыгінальныя формы імкнецца пісьменнік выказаць набалелае. Прытчы Сіпакова вызначаюцца не дыдактызмам і празмернай павучальнасцю, што звычайна ўласціва гэтаму жанру, а глыбокай філасофскай насычанасцю. Яны сімвалічны па сваёй сутнасці.

    Я. Сіпакоў - таксама аўтар фантастычна-прыгодніцкай аповесці "Блуканне па іншасвеце" (1994), цыклаў мініяцюр, гістарычных апавяданняў, зборнікаў гумарэсак "Лысы юбілей" (1965), "Плюс на мінус" (1973) і "Ланцугі для мух" (1980), "Пятніца ў суботу" (1988). Ён пераклаў на беларускую мову асобныя творы А.С. Пушкіна, А. Блока, Т. Шаўчэнкі, В. Хлебнікава, Э. Межэлайціса. Яго пераклады Уолта Уітмена і Хо Шы Міна спецыялісты адносяць да найбольш адпаведных духу і літары арыгінала, глыбокіх і паэтычных. У 1997 г. пісьменнік атрымаў званне заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь.

Аналіз творчасці

Творы Я. Сіпакова ўяўляюць сабой спалучэнне традыцыйна-класічных, фальклорных і наватарскіх мастацкіх форм увасаблення рэчаіснасці- Ён працуе ў жанры верша, прытчы, балады, прамовы, легенды і паэмы.

Тэме Чарнобыля прысвечана паэма Я. Сіпакова «Одзіум». Назва яе хутчэй за ўсё з'яўляецца фанетычным варыянтам слова одум «задуменне*. Успрымаючы чарнобыльскую бяду як несправядлівую д'ябальскую кару, як экалагічную катастрофу, Я. Сіпакоў звяртаецца да Усявышняга з просьбай заступіцца за Беларусь і яе цярплівых пакутнікаў, быць літасцівым да іх. Паэта не пакідаэ надзея на непераможнасць і бясконцасць жыцця: «I ўсё ж падай, семя, на маю зняможаную зямлю! I прарастай. I спялі такую патрэбную нам зараз надзею. Бо, калі ёсць бяда, трэба, каб была і надзея».

У кнізе «Веча славянскіх балад» Я. Сіпакоў асэнсоўвае гісторыю славянскіх народаў як частку агульначалавечай гісторыі. Ён пашырае жанравыя межы балады, выкарыстоўваючы балады-легенды, баладыпрамовы, балады-жарты, балады-плачы. У баладзе «Развітанне» аўтар як бы вызначае тэму ўсёй кнігі і сваю задачу:

 

 

Прабачце, даўкія стагоддзі,

Што латрывожыў я ваш пыл,

Што, абмінуўшы змрок магіл,

На всча вашае прыводэіў

Сваіх сяброў — з той далячыні,

Што свстла мроілася вам,

Што вашым снілася сынам,

Як сніцца лета ў зімняй стыні.

 

Храналагічныя рамкі балад — I—XX стагоддзі. У баладах, датаваных I—IX ст., нагадваюцца старажытныя легенды і міфы, паданні (балада кахання «Вадаспад», міфічная балада «Багі», славенская балада «Плач»). Многія з балад прысвечаны гістарычным дзеячам, мужным і адважным людзям. Так, руская балада «Шахматы» ўзнаўляе трагічныя старонкі жыцця князёў-дзекабрыстаў у Чыце:

 

«Палац князёў» — астрожная вязніца.

I ўдзень тут свсчка хліпае, гарыць,

I полымя пудліва мітусіцца,

Як водбліскі няэдзсйснснай зары.

 

Украінская балада «Ноч» прысвечана Тарасу Шаўчэнку, балгарская балада «Валы» — Хрысту Боцеву, руская балада «Клетка» — Емяльяну Пугачову, беларуская балада «Шыбеніца» — Кастусю Каліноўскаму.

Тэматыка балад XX ст. (імі пачынаецца кніга) акцэнтавана на падзеях Вялікай Айчыннай вайны. Беларуская балада «Сяўба» прысвечана партызанцы. Як талісман насіла яна праз уее нягоды «вузельчык» з насеннем кветак. Тройчы прыйшлося ёй развязаць яго, каб пасадзіць кветкі на магілках мужа, дачкі і сына. Надышла доўгачаканая вясна перамогі. Але горка і сумна мужнай жанчыне, якая «на папялішчы, ля галавешак — былога ганка» — сее кветкі:

 

Уэыходзьце, квсткі, буяйцс, квоткі!

Не асынайцося вы ніколі —

Перамажыце той чорны колер,

Які зялсным, вясновым ранкам

Сустрэў няветліва партызанку.

 

Сербская балада «Урок» прысвечана мужнасці настаўніка Мілая Паўловіча, якога фашысты расстралялі разам з 300 школьнікамі. У польскай баладзе «Вязень» расказваецца аб вывазе фашыстамі з Варшавы «вязня сумнага» — помніка Шапэну.

Усе балады арыгінальныя па форме, блізкія да фальклорных матэрыялаў. Прасякнутыя журботнатрагічным і гераічнаградасным пафасам, яны сцвярджаюць непераможнасць жыцця, сілу і моц Чалавека.

 

Паэт Генадзь Бураўкін пра Янку Сіпакова.

— Для мяне гэта жахлівая вестка (гаворыць пра смерць паэта). Зусім нядаўна мы разам ляжалі ў бальніцы. Ён трывожыўся за жыццё. Я стараўся вывесці яго з сумнага стану, надаць весялосці. Можа, і дарма — трэба было пагаварыць па-іншаму. Але мне не хацелася верыць, што яго хвароба закончыцца так трагічна.

Янка Сіпакоў з нашага пакалення шасцідзясятнікаў, пакалення, апаленага вайной.

Для мяне ён быў найбольш беларускім па характары і ў творчасці.

Ён не быў рэзкім з сябрамі. Не быў радыкальным у іншых пытаннях. Быў мяккім, памяркоўным беларусам.

Бог бачыць тое, што не бачым мы, і спрыяе, каб таленты паспелі ўсё зрабіць на зямлі, што ім адведзена. Янка таленавіта і шмат працаваў і ў паэзіі, і ў перакладах, і ў прозе, і ў эсэістыцы. І асабліва за апошнія гады так шмат кніжак падараваў, што я нават па-сяброўску зайздросціў яму. Цяпер разумею, што яму трэба было расказаць пра свае Зубрэвічы, пра сяброў, пра сваю бібліятэку… Дзякуй Богу, што ён паспеў гэта зрабіць.

Не хочацца згаджацца з тым, што ён больш не патэлефануе і не скажа: "Генадзь, у мяне новая кніга выйшла. Як яе перадаць табе?". Думаю, што яшчэ шмат засталося ненадрукаванага ў яго. І ўсё павінна выйсці. Але падаруе новыя кнігі мне ўжо не ён.

Хочацца папрасіць даравання ў Янкі за тое, што яго імя выкідаецца са студэнцкіх праграм, за тое, што ён да канца ціха, але прынцыпова любіў Беларусь, што ён не ўяўляе сябе на іншай службе, як Беларусі і яе народу.

Янка Сіпакоў памёр 10 сакавіка ва ўзросце 75 гадоў.


Информация о работе Янка Сіпакоў